У відэагульні Guns of Eschaton, якую нядаўна анансавалі, з моманту рэлізу будзе даступная поўная беларуская лакалізацыя. Яе прафінансавалі два беларусы, якія хацелі падтрымаць родную мову.
Распрацоўшчык праекта напісаў у сацсетках, што з камерцыйнага пункта гледжання дадаваць беларускую мову ў гульні не заўсёды мэтазгодна, бо аўдыторыя, якая ёю карыстаецца, адносна невялікая. Аднак, на яго думку, менавіта таму важна, каб беларуская мова з’яўлялася ў як мага большай колькасці гульняў.
Ён таксама адзначыў, што апошнім часам студыі з беларускімі каранямі ўсё часцей дадаюць беларускую лакалізацыю ў свае праекты. У якасці прыкладаў ён назваў гульні Hollywood Animal і Replaced.

Скрыншот з гульні: Store.steampowered.com.
Каманда не хацела рабіць пераклад «для галачкі», таму шукала студыю, якая змагла б забяспечыць якасную літаратурную лакалізацыю. У выніку перакладам займалася студыя Riotloc.
Беларускую лакалізацыю прафінансавалі сам распрацоўшчык і заснавальнік Riotloc – беларус Уладзімір Канапліцкі. Для іх гэта стала магчымасцю падтрымаць родную мову.
Распрацоўшчык выказаў надзею, што прыклад Guns of Eschaton пераймуць услед і іншыя гульнявыя студыі, а беларуская мова будзе ўсё часцей з’яўляцца ў новых праектах.
Guns of Eschaton – камп’ютарная гульня ў жанры шутара ад першай асобы з элементамі soulslike. Паводле апісання ў Steam, яе дзеянне разгортваецца ў альтэрнатыўнай версіі Дзікага Захаду пасля апакаліпсісу. Гульню можна будзе прайсці як у адзіночку, так і ў кааператыўным рэжыме.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















